Два гады таму берасцейка Насця з мужам купілі дом пад Варшавай і з таго часу займаюцца яго аддзелкай і рамонтам. Справа гэта няпростая і доўгая, але рабяты ўжо паспелі стварыць шмат прыгажосці. Сёння ў рубрыцы «Кватэраздымка» CityDog.io зазірае да сям’і і пагружаецца ў асаблівасці рамонту – будзе і канкрэтнае, і карыснае.
– Наша сям’я – гэта я, муж, сын і цвергшнаўцар Вілька, – расказвае Насця. – Мы купілі двухпавярховы сегмент у блізняку (двухкватэрным доме, падзеленым на дзве часткі. – Рэд.) у чэрвені 2024 года за 840 000 злотых (каля 210 000$ на той перыяд). Тады былі гатовыя толькі сцены першага паверха.

Плошча дома разам з гаражом – 121 м2, гараж – каля 15 м2. Першы паверх складаецца з тамбура 3,7 м2, кацельні 3,3 м2, гасцявога санвузла 3 м2 і кухні-гасцёўні 35,4м2. На другім паверсе размяшчаецца калідор 4 м2, тры спальні – 10,5 м2, 14 м2, 16 м2, – гардэробны пакой, ён жа пральня, 3,7 м2, а таксама санвузел 6,5 м2. Паколькі дах плоскі, то знакамітага польскага паддашка (poddasze) у нас няма.


Дом абсталяваны сонечнымі панэлямі магутнасцю 2 кВт, сістэмай прымусовай рэкуперацыі, якая фільтруе паветра. Гэта дазваляе не трымаць увесь час вокны ў рэжыме праветрывання, а на кухні замяняе выцяжку. Усе камунікацыі гарадскія. У дом было выведзена оптавалакно. Ацяпляецца ён газавым катлом, усе падлогі цёплыя, нават у гаражы. У доме маецца агрудак (прыдамавая тэрыторыя, сад. – Рэд.) плошчай 100 м2 плюс два не вельмі шырокія парковачныя месцы.




Двор, агрудак дома.
Як праходзіць рамонт і што ўжо гатова
– Мы пачалі рамонт у канцы мая 2025 года і заехалі ў сярэдзіне верасня. На той момант ужо шмат было гатова: падлогі, дзверы, сцены, кухня, канапа, санвузел першага паверха, у кабінет перавезлі свой стол з арэнднай кватэры, у спальні паставілі ложак – таксама яшчэ з арэнднай кватэры. Адзенне захоўвалася ў каробках, чамаданах і на рэйлінгах.
Цяпер ліпень 2026-га, і ў нас ужо зроблена вельмі шмат. З апошняга – з’явілася драўляная лесвіца з металічнымі балюстрадамі, у спальню прывезлі з Беларусі бра, абсталявалі наш кававы бар паўпрафесійнай кавамашынай і кавамолкай. Самай доўгачаканай купляй, напэўна, сталі драўляныя жалюзі і шторы – гэта адразу дадало +100500 да ўтульнасці. І, вядома, плінтусы. Нядаўна ў доме з’явілася першая шафа, і мы даведаліся, як шмат у нас было рэчаў, пра якія забыліся.
Яшчэ з прыходам цяпла захацелася акультурыць агрудак, і мы замовілі ландшафтны дызайн – які, хутчэй за ўсё, будзем увасабляць у рэальнасць ужо ў наступным сезоне.
«Прытрымлівацца першапачатковага дызайну – гэта не так проста, як падаецца»
– У кастрычніку 2024-га мы пачалі працу з дызайнеркай Наталляй Марчанка, якая бачыць прыгажосць у інтэр’еры гэтак жа, як і мы. Яна ж вядзе аўтарскі нагляд. За будаўнічыя работы ўнутры дома адказваў прараб, але ўсё роўна мы былі моцна ўцягнутыя ў працэс: ездзілі ў будаўнічыя крамы, адсочвалі якасць работ, гатоўнасці і гэтак далей.
Дызайн мы не працягваем прыдумваць, а імкнёмся прытрымлівацца першапачатковага, і, паверце, гэта не так проста, як падаецца.
Кухня і гасцёўня: «Канапа прыкладнага адцення можа “забіць” інтэр’ер»
– Мяне вельмі радуе, што мы паставіліся да рэалізацыі праекта не спусціўшы рукавы. Дызайнерка падбірала разам з намі кожны элемент: тая ж самая канапа – калі б мы купілі гатовую канапу прыкладнага адцення, яна магла б «забіць» інтэр’ер.


Так што канапу ў гасцёўню мы замовілі дакладна як у дызайн-праекце. Рабяты з Soff Store пагадзіліся зрабіць яе роўна пад нашы габарыты і пажаданні; пафарбавалі ножкі канапы менавіта ў такі колер, які мы прасілі. Самае галоўнае – я папрасіла зрабіць яе нераскладной і каб падушкі немагчыма было зняць. Дзіця ніколі іх не расцягвае і не раскідвае. Канапа заўсёды застаецца канапай – гэта асобны аб’ект прыгажосці.
Стол у кухню прывезлі з Беларусі – там танней.


Мы вельмі задаволены, што ўзялі кухню ў фарбаваным МДФ. У яго прыгожыя філёнгі, яшчэ і практычныя – выдатна мыюцца. Яны пафарбаваны роўна ў той колер, які мы замовілі, у гэтым плюс фарбаванага МДФ. А кавабар атрымаўся аднаго колеру з дзвярыма і з тумбачкай у санвузле – ідэальна аднолькавае адценне.


Дзверы і кавабар у адным колеры. «Дарэчы, шок-кантэнт: мы нават не думалі, што за 9 дзвярэй з простага МДФ заплацім 30 000 злотых (каля 8000$)».
Кавабар – сэрца нашага дома: мы з мужам марылі пра асобную кавазону. Шмат хто кажа, што такое рашэнне непрактычнае: напрыклад, побач няма мыйкі, няма куды зліць ваду і гэтак далей. Але ўсё гэта нескладана – два-тры крокі. А яшчэ мне падабаецца, што я магу паралельна гатаваць, шкварчаць ежай – і пахі не будуць перасякацца адзін з адным.


Элементы ўтульнасці ў кухні.


«З гасцёўні праз вялікае акно, закрытае шторамі, ёсць выхад на тэрасу. А з кухні – выхад на агрудак».
«Дызайнерка зрабіла сценку сваімі рукамі. Працавала да сёмай раніцы»
– Першапачаткова ў нас была ідэя аздобіць усе сцены дэкаратыўнай тынкоўкай, але ў Польшчы яна каштуе вельмі дорага: нам гэта магло абысціся ў суму ад 50 000 злотых (каля 13 235$). У дэкаратыўнай тынкоўцы мы пакінулі толькі санвузлы і гэту сценку ў гасцёўні. За яе майстры-дэкаратары налічылі нам каля 6000 злотых (прыкладна 1590$). Гэтых грошай у нас не было, вырашылі зрабіць альбо панэлі, альбо плітку вялікага фармату. Але дызайнерка Наталля сказала, што хоча рэалізаваць ідэю кропля ў кроплю і зробіць усё сама.
І яна сапраўды ўзяла кансультацыю ў майстроў – і зрабіла нам гэту сценку сваімі рукамі дня за два-тры. Аднойчы працавала да сёмай раніцы: увесь дзень, усю ноч – і сустрэла світанак на аб’екце.


«На фота відаць кораб пад будучы электракамін. А жалюзі абышліся нам у 5400 злотых (1430$) – за чатыры высокія і два маленькія вокны».
На падлозе – клеены кварцвініл. Гэта топавае рашэнне для нашай сям’і: ва ўсім доме цёплыя падлогі, а сам матэрыял добра праводзіць цеплыню, не баіцца ні сабачкі, ні маленькага дзіцяці з жалезнымі машынкамі. Нават калі і драпаецца, то гэтыя палосы-драпкі мы потым заціраем і шліфуем сваімі шкарпэткамі, калі ходзім па ім.
Лесвіца на другі паверх: «Класнае рашэнне – часова заслаць на бетоннае пакрыццё каўралін»
– Калі мы толькі заехалі, нас палохала адсутнасць лесвічнага пакрыцця і агароджы. Мы часова заслалі на бетоннае пакрыццё каўралін, і гэта аказалася класным рашэннем, а на першым паверсе паставілі брамку ад дзіцяці і сабакі.


Лесвіца «да» –з каўралінам; лесвіца «пасля» – выгляд у цяперашні момант.

Песэк у бяспецы – за брамкай.
Лесвіца дубовая, мы ёю вельмі задаволены. У праекце пад кожнай прыступкай намалявана падсветка, але мы адмыслова так не рабілі: ведалі, што будзе збірацца пыл, а падсветка будзе яго здрадліва падкрэсліваць. Так што зрабілі пару ліхтарыкаў, якіх дастаткова.


Вельмі незвычайнае рашэнне – балюстрада ў столь паміж калідорам другога паверха і лесвічным праёмам. Чамусьці мне так захацелася, дызайнерка падтрымала і візуалізавала. Выйшла крута!


Спальня: «Дзіўна, але прастора з цёмнымі сценамі пашыраецца, а з белымі звужаецца»
– Другі паверх у нас незвычайны – там каляровыя сцены. У спальні сцены колеру глыбокага зялёнага моху, гэта ўражвае. Толькі столь мы пакінулі белай.
Людзі баяцца, што пакой з такімі сценамі можа быць цёмным. Але не, мы дакладна ведалі, што цёмныя колеры, наадварот, глыбокія, надаюць пакою ўтульнасці, атмасферы і прастора пашыраецца, як бы гэта дзіўна ні было.
Раней мы жылі ў белым скандынаўскім інтэр’еры. Прастора з белымі сценамі, на мой погляд, вельмі звужаецца.


Гэтыя бра мы ўбачылі на візуалізацыі ад дызайнеркі. Яна ўжо працавала з імі і сказала, што бра класныя і падыдуць па стылі. Іх лагістыка – цэлая прыгода: мы прывезлі іх з Беларусі ў Польшчу, у Беларусь яны прыехалі з Масквы, зроблены ў Кітаі, але па італьянскім дызайне.




Цікавае назіранне: у Польшчы пры неабходнасці спальні зачыняюцца менавіта на ключ, а не на зашчапку ці паваротны шпінгалет, як у санвузле. Для палякаў нашы прывычныя замкі ў спальні дзіўныя.
Кабінет: «Другая зялёная канапа ў доме – перабор»
– Кабінет мужа, ён жа гасцявы пакой, мы ўвогуле пафарбавалі ў цёмны графітавы колер. Усе казалі, што там будзе цемра, але дызайнерка добра падабрала адценне – яно дае мужу падчас працы глыбіню і магчымасць сфакусіравацца на чымсьці адным. Сама я таксама часта займаю гэты пакой пасля яго працы, мне вельмі падабаецца знаходзіцца там.


Кабінет да таго, як там з’явілася канапа.
Канапу сюды планавалі таксама зялёнага колеру, але дайшлі да высновы, што другая зялёная канапа ў доме – гэта перабор.


Санвузлы: «Люстэрка ў санвузле выйшла ў 700 злотых. Гэта жах, нікому не кажыце»
– Плітка ў санвузлах – кабанчык, класіка. Яна ніколі не выйдзе з моды. Плітка на падлозе – італьянская, шыкоўная. На яе прыемна глядзець, на ёй прыемна стаяць. Нават дыванкі ў санвузлы не патрэбныя.


Гасцявы санвузел на першым паверсе. «Кошт душавой сістэмы Omnires – 2000 злотых (каля 530$)».

«Люстэрка няпростае – вінтажнае, дызайнерка выпадкова знайшла яго ў вінтажнай краме за 100 злотых. Мы вырашылі зрабіць да яго падсветку, якая абышлася ў 600 злотых. Увогуле, люстэрка выйшла 700 злотых (185$). Гэта жах. Нікому не кажыце».


Гаспадарскі санвузел на другім паверсе. «У ванным пакоі вельмі камфортна: яго плошча – 6 квадратных метраў, ёсць два вокны».
Парачка парад ад бывалых рамонтнікаў
– Многія людзі ў працэсе рамонту адкладаюць усталёўку плінтусаў. Мы таксама адклалі – заехалі ў верасні, а зрабілі плінтусы толькі ў чэрвені. Так, у нас усё яшчэ вісяць лямпачкі Ільіча, але паверце, менавіта плінтусы даюць адчуванне выйсця рамонту з дома. Гэта цудоўнае пачуццё.
Яшчэ мы жылі без штор – павесілі іх не так даўно. У доме 15 вокнаў, на 10 з іх ёсць шторы, якія абышліся нам у 7600 злотых (каля 2010$). Шторы таксама надаюць прасторы нашмат больш завершаны выгляд. Шторы і цюль заказвалі ў Аляксандры.


Чаго дому пакуль не хапае?
– У доме няма чыставой электрыкі, за выключэннем пары кропкавых свяцілень на кухні, у спальні і санвузле. Няма стэлажа, каміна, тэлевізара на першым паверсе. На другім, акрамя электрыкі, таксама амаль няма мэблі ў дзіцячым пакоі, а ў санвузле няма душавой кабіны і шафы з рукамыйнікам. Вельмі не хапае абсталяванай пральні і сушыльнай машыны. Але ўсё наперадзе.

Хочаце паглядзець візуалізацыю праекта, ацаніць ступень гатоўнасці і параўнаць адступленне ад плана? Вось некалькі карцінак






Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: асабісты архіў гераіні.












