У канцы лістапада – пачатку снежня на плошчы Бангалор у Мінску зменяць схему руху транспарту. Замест кругавога руху аўтамабілі пусцяць у аб’езд. Гэта звязана з будаўніцтвам станцыі метро «Парк Дружбы народаў».
Як піша Onliner, цяпер у цэнтры плошчы манціруюць канструкцыі першага вестыбюля станцыі, будуюць контур будучага метро і робяць гідраізаляцыю. З боку вуліцы Някрасава ўзводзяць абаротныя тупікі – іх плануюць скончыць у пачатку 2027 года.
Пасля змянення схемы руху будаўнікі пачнуць узводзіць платформу і другі вестыбюль станцыі. Ці вернуць плошчы ранейшы выгляд пасля адкрыцця трэцяй лініі метро, пакуль невядома. У будучыні тут таксама плануюць разгарнуць будаўнічыя пляцоўкі для чацвёртай лініі.

Схема руху. Фота: Auto.onliner.by.
Для аб’езду плошчы з боку вуліцы Арлоўскай ужо паклалі новы асфальт і нанеслі разметку.
- З боку вуліцы Някрасава: павярнуць на Арлоўскую можна будзе толькі з крайняй правай паласы. З трох астатніх палос аўтамабілі паедуць прама – да вуліц Кульман і Сурганава.
- З боку вуліцы Кульман: павярнуць направа, на Сурганава, можна будзе толькі з першай паласы. Тры астатнія паласы будуць весці прама – да Някрасава і Арлоўскай.
- На вуліцы Сурганава: кіроўцам спачатку трэба будзе перастроіцца налева. Пасля гэтага з трох палос можна будзе павярнуць направа, да Някрасава, а з дзвюх – налева, да Кульман.
Прыпынкі грамадскага транспарту на вуліцы Сурганава ў абодвух напрамках перанясуць бліжэй да вуліцы Куйбышава. Прыпынак на Арлоўскай у напрамку вуліцы Карастаянавай застанецца на ранейшым месцы.
Раней карыстальнік Threads @biser_belaruski паказваў, як цяпер выглядае будпляцоўка будучай станцыі метро «Парк Дружбы народаў» у Мінску.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















